Криптофизический комитет
!
Пресса о нас
Карта сайта
НЕЗАВИСИМЫЕ ИССЛЕДОВАНИЯ В ОБЛАСТИ КРИПТОФИЗИКИ

ИССЛЕДОВАНИЯ
ПРОЕКТЫ
АНАЛИТИКА

СТАТИСТИКА САЙТА

Войти через соцсети


Сейчас на сайте: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Главная » КРК Беларуси » Пресса о нас

Карціна свету
Напрацягу ўсёй сваёй гiсторыi чалавецтва шукала адказы на адвечныя пытаннi: хто мы? адкуль прыйшлi на Зямлю? i галоўнае -- ў чым сэнс жыцця? Версiй агучвалася многа. Рэлiгii прапанавалi боскi варыянт утварэння Сусвету, Дарвiн -- тэорыю эвалюцыi. Сёння некаторыя навукоўцы прытрымлiваюцца тэорыi панспермii, якая сцвярджае, што зерне жыцця было занесена на нашу планету з космасу -- мэтэарытам. Адна з самых экзатычных на першы погляд версiй паходжання трохмернага Сусвету, Зямлi i людзей прыпiсвае iх стварэнне... самiм людзям. Яны, тыя людзi-творцы, праўда, крыху адрознiваюцца ад нас з вамi, але ў кожнага зямлянiна ёсць шанц далучыцца да звышлюдзей-стваральнiкаў. Падрабязней з гэтай тэорыяй нас пазнаёмiць член Савета Уфалагiчнага камiтэта Беларусi Руслан Лiннiк.

-- Аразу папярэджу, што не з'яўляюся адзiным аўтарам версii штучнага паходжання нас i нашай планеты, -- пачаў гаворку Руслан, -- я толькi развiваў яе. Сёння многiя з нас успрымаюць душу часткай сябе, як скажам, вiнчэсцер у камп'ютары. На самой справе, чалавечае "Я" -- гэта i ёсць душа, сам чалавек, а цела -- толькi турэмныя краты, трохмерная абалонка, у якой нас замыкаюць з моманту нараджэння i да смерцi. Як вы памятаеце, Адам i Ева спачатку жылi ў Райскiм садзе (Эдэме, Парадзiзе), а потым за грахi былi сасланы на Зямлю. Паводле многiх рэлiгiйных вучэнняў, калi жыццё на Зямлi было праведным, пасля смерцi чалавек зноў вяртаўся ў Царства Божае. Значыць, Зямля -- гэта своеасаблiвая турма адносна Рая, у якой людзi павiнны перавыхоўвацца. У адпаведнасцi з бiблейскiмi тэкстамi, сэнс жыцця чалавека -- у духоўным самаўдасканаленнi. Рай -- я называю яго iншай формай жыцця -- гэта месца, дзе быў створаны чалавек i, адпаведна, там наша першаснае i галоўнае асяроддзе iснавання.

-- Калi чалавек за ўсё сваё жыццё не дасягнуў адпаведнага духоўнага ўзроўню, што з iм адбываецца?

-- Яго рэiнкарнiруюць у новае цела. Памятаеце дзевяць колаў ада? Вельмi верагодна, што гэта дзевяць рэiнкарнацый, дзевяць шанцаў, якiя даюцца чалавеку для духоўнага ўдасканалення. Ад, як мы яго разумеем, -- пакуты, наказаннi за грахi i iнш. -- гэта i ёсць сiстэма рэiнкарнацый, кожнае наступнае жыццё будзе лепшым цi горшым у залежнасцi ад паводзiнаў i ўчынкаў чалавека ў папярэднiм жыццi. Iншага ада не патрэбна, рэiнкарнацыя самастойна можа выконваць функцыю перавыхавання: сцiрае памяць пра мiнулыя жыццi i дае магчымасць пачаць "з белага лiста". Тыя ж з нас, хто дасягае патрэбнага духоўнага ўзроўню, не маюць патрэбы ў далейшых увасабленнях i далучаюцца да нашых творцаў.

-- А хто яны?

-- Людзi духоўна прасветленыя, не абцяжараныя цялеснымi абалонкамi. Усе яны ў свой час прайшлi "зямную школу"... i скончылi яе паспяхова.

-- Мы для творцаў нешта накшталт "братоў нашых меншых", кошак, сабак, цi падвопытных пацукоў?

-- Калi б яны да нас так ставiлiся, то самi хутка зноў апынулiся б на Зямлi -- удасканальвацца. Новаствораная чалавечая iснасць пры нараджэннi знаходзiцца на дастаткова прымiтыўным узроўнi i адразу дапускаць яго ў вышэйшыя формы жыцця было б глупствам. Для гэтага i стварылi фiзiчны свет, дзе чалавеку далi шанц даказаць сваё права на дастойнае жыццё. Дзiця павiнна прайсцi "яслi", "дзiцячы садок", "школу" (усё гэта чалавечыя рэiнкарнацыi) i толькi потым, калi яго духоўныя якасцi як след разаўюцца, яно можа далучыцца да "дарослых".

-- У наступнай рэiнкарнацыi ў чалавека застаецца што-небудзь "на памяць" аб папярэднiх увасабленнях?

-- Iнфармацыя, якая ўтрымлiваецца ў душы, пры нараджэннi ўплывае на фармiраванне фiзiчнай абалонкi. Тыбецкiя ламы маюць здольнасць пазнаваць сваiх перарадзiўшыхся настаўнiкаў, значыць, для гэтага ёсць падставы. У кожнага з нас ёсць "праграмная ячэйка", iндывiдуальны код, якi пры ўвасабленнi ўплывае на фармiраванне цела. Сярод знешнiх прыкмет можна вылучыць адпячаткi пальцаў i сятчатку вока, якiя, хутчэй за ўсё, пры рэiнкарнацыi не змяняюцца. Калi б можна было ўвесцi агульнасусветную дактыласкапiю, стала б магчымым не толькi даказаць перараджэнне чалавека, але i прасачыць, па якой схеме праходзiць рэiнкарнацыя.

-- Вас не абвiнавачвалi ў стварэннi новага рэлiгiйнага вучэння?

-- Найперш я з вялiкай пашанай адношуся да старажытных манускрыптаў, на аснове якiх i былi створаны ў далейшым усе сусветныя рэлiгii. Аднак на працягу тысячагоддзяў iх тэксты неаднаразова скажалiся ненаўмысна -- пры перакладах -- i наўмысна -- ў палiтычных мэтах, перапiсвалiся наноў, цэлыя кавалкi i главы свяшчэнных тэкстаў знiшчалiся... Таму тое, што мы сёння маем, -- скажоннае рэха першакранiц. Увогуле, рэлiгii давалiся людзям, як духоўныя арыенцiры, прызваныя дапамагчы iм самаўдасканальвацца. Рознiца памiж сённяшнiмi рэлiгiямi тлумачыцца толькi тым, што iх паслядоўнiкi, выкарыстоўваючы святыя мэты выбранных, ставiлi вышэйшыя веды, перададзеныя iм, на служэнне сваiм карысным мэтам.

-- Цi можа чалавек, паводле вашай тэорыi, у наступнай рэiнкарнацыi стаць конiкам цi бярозай i хто кантралюе гэты працэс?

-- Пераход людзей у iншы вiд жывых iстот немагчымы. Жывёлы i раслiны маюць пэўнае духоўнае напаўненне, але, у адрозненне ад людзей, па-за сваёй трохмернай абалонкай яны iснаваць не могуць. Яны -- нашы памочнiкi, своеасаблiвыя развiваючыя цацкi ў "дзiцячым садку". А кантралюе працэс рэiнкарнацыi сама Зямля. Яна -- адзiны складаны арганiзм, самарэгулюючаяся сiстэма, асобая форма жыцця, частку якой састаўляем i мы, пакуль знаходзiмся ў бiялагiчных целах. Нашай планеце выгадна, каб мы, людзi, заставалiся на Зямлi...

-- ... нягледзячы на ўсе тэхнагенныя катастрофы i забруджванне навакольнага асяроддзя? А не можа планета знiшчыць нас, як надакучыўшых паразiтаў?

-- Не. Хто добраахвотна захоча адарваць ад сябе частку цела, руку, цi, скажам, нагу? Без людзей iснаванне Зямлi стане менш стабiльным. Ёй патрэбны людзi, i яна намагаецца нас затрымаць.

-- Якiм чынам?

-- З даўнiх часоў iснавала тайнае таварыства, якое валодала iсцiннымi ведамi. Як i любая падобная арганiзацыя, першапачаткова яна ставiла перад сабой высокiя, светлыя мэты, аднак з цягам часу многае змянiлася. У таварыства (па адной з версiй гэта масоны, хаця назва вялiкай ролi не iграе) уваходзяць адукаваныя, забяспечаныя людзi, якiя фiнансуюць патрэбныя iм навукова-тэхнiчныя праекты, i таму могуць уплываць на сусветную палiтыку. Галоўны цэнтр знаходзiцца ў ЗША (звярнiце ўвагу -- нават на амерыканскiм долары змяшчаецца масонскi сiмвал), другi -- у Ватыкане. Па некаторых звестках, Клiнтан i Буш з'яўляюцца членамi таварыства. Акрамя таго, яго прадстаўнiкi прысутнiчаюць у кожнай з дзвюх палiтычных партый ЗША, таму якая б з iх не атрымала верх на выбарах, уплыў масонаў не паменшыцца. На першы погляд, гэта тайнае таварыства прапагандуе дэмакратыю, роўнасць правоў i магчымасцяў, а насмрэч -- капiталiзм, дзе найвышэйшая чалавечая каштоўнасць -- грошы. У пагонi за доларам чалавек забываецца пра духоўнае самаўдасканальванне i зноў i зноў вяртаецца на Зямлю ў iншых рэiнкарнацыях. Не магу сказаць адназначна, цi абмежавана iх колькасць, думаю, што абмежавана.

-- У рэшце рэшт куды трапляе такi недаразвiты ў духоўным плане чалавек?

-- Застаецца на Зямлi. Магчыма, папаўняе "цёмны бок Сiлы", цi асобую форму жыцця, якую ў рэлiгiях называюць "д'яблам". Гэта адзiн з элементаў структуры матрычнай сiстэмы Зямлi, спосаб выпрабавання i спакусы чалавека, прадугледжаны нашымi творцамi. У нас заўсёды павiнен быць выбар: памiж дабром i злом, памiж матэрыяльным i духоўным. Як мы харчуемся мясам, садавiнай i гароднiнай, так "цёмны бок" спажывае нашы (негатыўныя) эмоцыi i iншыя формы энергii трохмернай матрыцы, у якой мы жывем. Масавае выйсце людзей з матрыцы фiзiчнага свету (у вынiку духоўнага самаўдасканалення) азначае для цёмнай сiлы страту "хлеба". Натуральна, цёмныя iснасцi робяць усё магчымае, каб затрымаць людзей на Зямлi.

-- Цi выгадна творцам iснаванне тайнага таварыства?

-- Не думаю. Iм патрэбна, каб людзi жылi ў праўдзе i з верай, а не з голымi ведамi. Прывяду прыклад: адзiн чалавек ведае, што забойства iншага чалавека пацягне за сабой пакаранне. Ён не будзе гэтага рабiць, аднак зусiм не таму, што верыць у амаральнасць такога ўчынку. Сёння тайнае таварыства набiрае сiлы i рвецца да ўлады. Свет перапоўнiўся хлуснёй, таму звышчалавекi са свайго боку намагаюцца стварыць другi полюс, процiвагу тайнаму таварыству. I гэта яны робяць з дапамогай так званых "НЛА" -- апаратаў, якiя могуць перасоўвацца ў нашай трохмернай прасторы i аказваць уплыў на людзей.

-- А без апаратаў уплываць немагчыма?

-- Магчыма. Напрыклад, пасылаць нам слушныя думкi i г. д. Але часцей iм для карэкцiроўкi свядомасцi канкрэтнага чалавека патрэбна сфакусiраваць яго ўвагу, а для гэтага трэба "праявiцца". Дастаткова простага назiрання НЛА, каб з чалавекам адбылiся значныя змены, хаця сам ён iх можа i не заўважыць. Уфолагам даецца шанц самiм дакапацца да iсцiны (зразумець сэнс жыцця) i адкрыць яе iншым. Нездарма апошнiм часам колькасць сапраўдных даследавальнiкаў анамальных з'яў няўхiльна ўзрастае.

-- А як у вашу тэорыю ўпiсваецца магiя, навядзенне псоты, сурокi?

-- Вельмi проста. Ёсць дзве крынiцы атрымання энергii для магiчных манiпуляцый: выкарыстаць сваю, назапашаную цi сiлкавацца чужой. Людзi, якiя дасягнулi высокага ўзроўню самаўдасканалення, могуць самi генерыраваць такую энергiю, накiроўваць яе i з яе дапамогай "тварыць цуды". Натуральна, уся iх дзенйасць скiравана выключна на добрыя ўчынкi. Тыя, хто наводзяць порчу цi сурокi, не маюць сваёй энергii, яе прадастаўляюць iншыя -- цёмны бок Сiлы, пра якi мы ўжо казалi. Самi людзi ў такiм выпадку не могуць кiраваць энергiяй i ў рэшце рэшт становяцца рабамi цёмнай Сiлы.

-- У рамане фантаста Артура Кларка "Канец дзяцiнства" чалавецтва дасягае найвышэйшага ўзроўню духоўнага развiцця i яго -- ўжо ў iншай форме iснавання -- невядомыя творцы забiраюць з Зямлi, а сама планета разбураецца. Цi ўгатованы нам насамрэч такi шчаслiвы фiнал?

-- Вельмi верагодна. Безумоўна, Сонца калiсьцi астыне i Зямля не вечная. Узгадайце старажытныя цывiлiзацыi (майя, егiпцян, што будавалi пiрамiды). Куды дзелiся гэтыя народы? Магчыма, на пэўным этапе свайго развiцця ўся цывiлiзацыя дасягнула патрэбнага духоўнага развiцця, i на рэiнкарнацыю нiкога больш не пасылалi. Альбо развiццё цывiлiзацыi пайшло не ў той бок i яе вырашылi замянць.

-- Што з'яўляецца ключом да духоўнага самаўдасканалення?

-- Любоў, як найвышэйшае чалавечае пачуццё.

Гутарыла Iнга МIНДАЛЁВА
Примечание: статья не была опубликована по неизвестной причине!
Похожие материалы:
!!! Перепечатка материалов без согласования с Криптофизическим комитетом запрещается!

Добавлено: 03.11.2006 | Автор: Iнга МIНДАЛЁВА | Просмотров: 4687 | Рейтинг: 0.0/0

Система OrphusЗаметили ошибку?
Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Главная | О нас | Наши коллеги | Пресса о нас | Контакты | Форум
Уфология | Криптофизика | Проекты | Аналитика
Центральный архив | Библиотека